Па некаторым часе гэты жыхар стаў заводзіць свае чалавечыя парадкі. Ці доўга ён так жыў, ці мала, але меў ён ужо сваю сялібу, меў многа жонак, а яшчэ больш дзяцей. Было яму прозвішча Бай. А як прыйшла яго гадзіна смерці, дык ён склікаў сваіх сыноў і падзяліў усю сваю маёмасць. Толькі аднаго сына запамятаваў. Той у гэты час быў на палешні (паляванні), і з ім былі любімыя бацькавы сабакі Стаўры і Гаўры. Прозвішча гэтаму сыну было Белаполь.
Неўзабаве пасля смерці бацькі вярнуўся Белаполь з палешні. А браты яму кажуць: – Вось бацька падзяліў нам усю сваю маёмасць, а табе ён адказаў сваіх сабак, дык яшчэ наказаў, каб ты іх пусціў па волі: аднаго – у правы бок, а другога – у левы; колькі яны зямлі аббягуць у дзень, дык гэтая ўся зямля твая будзе.
Вось пайшоў Белаполь і злавіў дзвух птушак, прыляцеўшых адну з паўднёвага мора, другую з заходняга. Пусціў адну птушку на поўдзень, ды і кажыць адной сабаке: – Бяры!
Пусціў другую на захад і кажа другой: – Хапай!
Як паляцелі тыя птушкі: адна ў адзін бок, другая ў другі… Як пабеглі сабакі за птушкамі, дык ажно зямля закурылася… Як пайшлі тыя сабакі, дык і да гэтага часу не вярнуліся, а па іх слядах дзве рэчкі працягнуліся, у адзін бок прайшла Дзвіна, а ў другі бок – Дняпро.
Вось у гэтых абшарах Белаполь і пачаў сяліцца ды заводзіць свае лады…
У гэтага Белаполя ад розных жонак яго развяліся розныя пляменні пад прозвічам БЕЛАРУСЫ. Яны і да гэтага часу там ходзяць, зямельку скародзяць ды жыта сеяць.